РЫ́МСКІ ПАНТЭО́Н,

помнік стараж.-рым. архітэктуры ў Рыме. Узведзены каля 118—125 (арх. Апаладор з Дамаска) у гонар усіх багоў пры імператару Адрыяне на месцы аднайм. храма часоў імператара Агрыпы (27 да н.э). Велічная ратонда, перакрытая паўсферычным купалам (дыяметр больш як 43 м) з кесонамі, у цэнтры з адтулінай (дыяметр каля 9 м) для асвятлення інтэр’ера. Уваход вылучаны порцікам з 16 калон з карынфскімі капітэлямі. У інтэр’еры па перыметры размешчаны нішы прамавугольнай і круглай формы. У сярэднія вякі Р.п. ператвораны ў касцёл ; цяпер — нац. маўзалей, дзе пахаваны Рафаэль, арх. Б.​Перуцы і Дж.​Віньёла, каралі Віктар. Эмануіл II, Умберта I, каралева Маргарыта і інш. Уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

І.​Л.​Чэбан.

Рымскі пантэон.
Інтэр’ер Рымскага пантэона.

т. 13, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)